Кольчунская школа

MyCounter - счётчик и статистика

Яндекс.Метрика

Перейти к содержанию

Главное меню:


Шляхамі братоў Снядэцкіх

Гістарычныя сцежкі, якія злучаюць Ашмяншчыну з Літвой, заўсёды прывабліваюць зацікаўленых прайсціся шляхамі знакамітых асоб, якія сваёй спадчынай праслаўляюць наш край…
Мястэчка Яшуны Шальчынінкскага раёна блізкае Ашмянскаму краю не толькі сваім суседскім геаграфічным знаходжаннем. У Яшунах жыў і пахаваны старэйшы брат нашага земляка Енджэя Снядэцкага Ян - вядомы матэматык, астраном, прафесар, рэктар Віленскага ўніверсітэта. У Яшунах жыла старэйшая дачка Енджэя Снядэцкага Зофія, якая выйшла замуж за Міхала Балінскага - гісторыка і пісьменніка, чыё імя носіць Яшунская гімназія. Кальчунскіх і Яшунскіх вучняў яднаюць пяць гадоў творчага супрацоўніцтва.
11-12 мая 2018 года дэлегацыя вучняў Кальчунскай школы завітала да літоўскіх суседзяў. Па добрай традыцыі штогод ў маі мы наведваемся да сваіх сяброў з гімназіі імя Міхала Балінскага. Сёлетняя сустрэча была прысвечана 180-й гадавіне з дня смерці Енджэя Снядэцкага.
У першы дзень мы наведалі сталіцу Шальчынінкскага раёна г.Шальчынінкай, які мяжуе з Ашмянскім раёнам і звязаны не толькі агульнай гісторыяй, але і сучасным культурным супрацоўніцтвам нашых раёнаў. У будынку Шальчынінкскага самакіравання групу вучняў прывіталі намеснік мэра Данута Сінкевіч, кіраўнік раённага аддзела асветы Рэгіна Маркевіч і старэйшы супрацоўнік аддзела асветы Генрых Данулевіч.
Пасля сумеснага фотаздымка каля помніка Адама Міцкевіча на цэнтральнай плошчы горада мы накіраваліся ў Шальчынінкскую гімназію імя Яна Снядэцкага. Намеснік дырэктара гімназіі Беата Зарумна правяла экскурсію па гімназіі. Мы наведалі музей гімназіі, завіталі ў класы, а ў актавай зале падчас інтэрактыўнай гульні змаглі пазнаёміцца з вучнямі.
Працягваючы акцыю "Еднасць" Лыскойць Ангеліна і Маліноўская Алёна мелі гонар набраць горстку зямлі каля гімназіі імя Яна Снядэцкага.
Горад Шальчынінкай ганарыцца тым, што захаваўся да нашых дзён палац Вагнэраў (сваякоў Балінскіх), у якім у сучасны момант знаходзіцца школа мастацтваў. Мы з захапленнем прайшліся па пакоях палаца і наведалі невялікую, але вельмі прыгожую канцэртную залу, якая славіцца на ўсю Літву сваімі акустычнымі якасцямі.
А потым мы накіраваліся ў Яшуны.
Нас прывіталі вучні, настаўнікі і новы дырэктар Яшунскай гімназіі Міраслаў Мецкелевіч.
З вялікім задавальненне Кальчунскія і Яшунскія вучні любаваліся прыгажосцю веснавой квітнеючай прыроды, слухалі нястомны спеў птушак, калі плылі на байдарках па рацэ Мерэчанка. Настаўнік фізічнага выхавання Альвідас Бальке сачыў за бяспекай і пераймаў разагнаўшыхся байдарачнікаў на фінішы.
На беразе ракі ўсіх чакалі смачныя каўбаскі і вясёлы абмен уражаннямі. Вечарам усіх чакалі цікавыя гульні, пачастункі, сумесны спеў пад гітару і канечне дыскатэчная праграма!
У Яшунах захаваўся палац Снядэцкіх - Балінскіх, які мы з задавальненнем наведалі 12 мая, а дырэктар музея Яшунскага палаца Казімеж Карпіч правёў нас па прыгожых адрэмантаваных пакоях палацу, дзе калісьці ступалі Снядэцкія, Балінскія і іх знакамітыя госці. Аляксандра Палсцюк і Томаш Пешка напоўнілі прыгожай фартэпіяннай музыкай пакоі палаца.
Вельмі хвалюючым момантам было наведванне могілак Снядэцкіх - Балінскіх, запальванне свечак ля помнікаў Яну Снядэцкаму, Зофіі са Снядэцкіх Балінскай. Каля палаца мы развіталіся з вучнямі і настаўнікамі Яшунскай гімназіі. Ніхто не сумаваў, таму што кожны дакладна ведаў, што хутка сустрэча адбудзецца зноў!
Нас чакаў горад Вільнюс. Экскурсію па старых вуліцах горада, дзе хадзілі і жылі браты Снядэцкія, Адам Міцкевіч, Юліюш Славацкі правяла для нас Біруце Райлене доктар сацыяльных навук, супрацоўнік бібліятэкі імя Ўрублеўскіх Літоўскай Акадэміі навук. Віленскі ўніверсітэт, касцёл Святых Янаў, цудадзейны абраз Маці Божай на Вострай Браме…
Падарожнічаючы шляхам братоў Снядэцкіх, два незабыўныя дні мы правялі на літоўскай зямлі. Задаволеныя і шчаслівыя вярнуліся дадому.

Да наступных сустрэч, сябры!


Намеснік дырэктара Кальчунскай школы Т. Давідовіч


ДалееPlayНазад

Галоўная старонка | Анонс мерапрыемстваў | Аб школе | Настаўніцкая | Информационная безопасность | Адно акно | Электронны зварот | Азбука безопасности | У суботні дзень | Вучням | Бацькам | Музей | Бібліятэка | Здаровы лад жыцця | Фотагалерэя | Ідэалогія | Профсоюз | Да 75-годдзя Хатынскай трагедыі | Электронны дзённік | Віртуальная дошка Гонару | XX районная спартакиада работников образования | Дзейнасць грамадскіх аб'яднанняў | Карта сайта


Назад к содержанию | Назад к главному меню